ЧЭРАПНАМАЗГАВЫ́Я НЕ́РВЫ, чарапныя нервы,

парныя нервы, якія адыходзяць ад пярэдняй паверхні ствала галаўнога мозга паслядоўна спераду назад праз асобыя адтуліны чэрапа. Інервуюць пераважна органы і тканкі галавы і шыі, а таксама грудной і брушной поласцей. У міксін — 7 пар Ч.н., у міног, рыб і земнаводных — 10, у паўзуноў — 11, у птушак, млекакормячых і чалавека — 12.

I і II пары — нюхальны і зрокавы нервы — праводзячыя шляхі нюхальнай і зрокавай сістэм; III, IV і VI пары — вокарухальны, блокавы і адводны нервы — у млекакормячых інервуюць мышцы вока, раснічнага цела і радужнай абалонкі, у паўзуноў і птушак — мышцы мігальнай перапонкі; V пара — трайчасты нерв — інервуе скуру галавы (акрамя патылічнай вобласці), цвёрдую мазгавую абалонку, зубы, слізістую абалонку рота, жавальныя мышцы, вял. слінныя залозы; VII пара — нерв твару — у наземных пазваночных інервуе паверхневую мускулатуру шыі, мышцу, якая апускае ніжнюю сківіцу, у прыматаў — мімічную мускулатуру; VIII пара — слыхавы нерв — звязвае органы слыху, раўнавагі і гравітацыі з галаўным мозгам; IX пара — языкаглотачны нерв — інервуе ў наземных пазваночных глотку, калявушную залозу, смакавыя почкі языка; X пара — блукальны нерв — падзяляецца на рад галін, якія інервуюць мышцы жаберных дуг, плавальны пузыр, органы бакавой лініі, лёгкія, сэрца, кішэчнік; XI пара — дадатковы нерв — інервуе мышцы плечавога пояса; XII пара — пад’язычны нерв — інервуе мышцы языка і пад’язычны апарат. У адрозненне ад спіннамазгавых нерваў, Ч.н. не сегментаваныя і строга спецыялізаваныя.

А.​С.​Леанцюк.

т. 17, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)